традыцыйны комплекс бел.нар. адзення на Усх. Палессі. Бытаваў у 19—1-й пал. 20 ст. пераважна ў Калінкавіцкім, Светлагорскім і Жлобінскім р-нах. Адметны дасканала распрацаванай і выверанай арнаментыкай натыкання і вышывак, своеасаблівымі, з мноствам пышных Калінкавіцкі строй. Жанчына ў святочным адзенні з гарсэтам. Вёска Яланы Светлагорскага раёна Гомельскай вобл. 1920-я г. фальбонак каўнярамі жаночых кашуль, багата аздобленымі гарсэтамі. Аснову жаночага летняга гарнітура складалі кашуля, спадніца-андарак, фартух, гарсэт, галаўны ўбор.
Кашулю шылі з 3 полак даматканага белага палатна, з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным (стаяча-адкладным) прышытым ці здымным каўняром з мноствам пышных фальбонак. Аздаблялі кашулю натыканнем, вышыўкай на каўняры, рукавах, плечавых устаўках, падоле, а таксама карункамі, мохрыкамі, нашыўкамі тканін. Андарак кроілі з 4 полак даматканага сукна ў верт. пункцірныя рознакаляровыя паскі на сакавіта-малінавым фоне («андарак у граты») і ў рознакаляровыя паскі на цёмна-чырвоным фоне, якія ўтваралі буйную клетку («андарак у краты»), Да верху спадніцы, сабранага ў дробныя складкі, прышывалі спец. вытканы пояс. Фартух шылі з 2 полак палатна, злучалі іх дэкар. швом-расшыўкай. Белае поле фартуха натыкалася строгім арнаментам з прамавугольнікаў і квадратаў, гарыз. палос. Гарсэт шылі з тонкага даматканага, злёгку прываленага сукна або фабрычных тканін. Кроіўся прыталеным з баскай у форме 4 кліноў або пышнай фальбоны. Крыссе яго абапал засцежкі аздаблялі нашыўкай тасьмы розных колераў, упрыгожвалі метал. і касцянымі гузікамі, машыннай ці ручной строчкай. Традыц. галаўнымі ўборамі дзяўчат былі вянкі, павязкі накшталт маленькіх ручнікоў — скіндачкі, замужніх жанчын — наміткі, хусткі, чапцы са скіндачкамі, донца якіх вышывалася густым чырвоным арнаментам.
Аснову мужчынскага адзення складалі кашуля з поясам і нагавіцы. Тунікападобная кашуля шылася з белага кужэльнага палатна, аздаблялася паскамі геам. арнаменту на каўняры, пазусе, плячах, рукавах і падоле. Адзенне дапаўнялася галаўным уборам (магерка, аблавуха), скураной кайстрачкай-калітой, скураным чэхлікам для ножыка, грабеньчыка.